Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Развітальнае слова

Сярэдняя: 4.5 (2 галасоў)

Дамоў вас чакалі. I з кожнае хаты
Глядзелі трывожна на шлях, на гасцінец
То маці, то жончыны вочы. Вас звалі
Дзіцячыя твары двума васількамі.
Дамоў не прыйшлі вы. Пад выбухі залпаў
Вы храбрымі палі. Мы вас не забудзем!

Вы храбрымі палі. Мы вас не забудзем.
Вы з намі, пакуль неўгамонныя сэрцы
Не сціхнуць ў нас біцца, пакуль наша сонца
Высока-высока плыве над зямлёю, —
Вы ў шуме сасновым, вы ў звоне крынічным,
Вы ў гомане лісця, вы ў гуле азёрным!

Вы ў гомане лісця, вы ў гуле азёрным,
Як быццам зусім не было ў нас растанку.
Нам помняцца вашы суровыя твары,
Паходныя ранцы і пыл на дарогах,
Высока пад небам чырвоныя сцягі...
Мы помнім, як трубы трубілі трывогу.

Мы помнім, як трубы трубілі трывогу,
Як сэрцы ад болю цвярдзелі, што камень,
А вы, адыходзячы строем за строем,
Усе нагатове трымалі вінтоўкі,
Мы помнім, як кветкі ляцелі на каскі...
А з захаду лезлі крывавыя хмары.

А з захаду лезлі крывавыя хмары.
Маланкай шугалі, гулі перунамі.
Ішлі вы шляхамі і скарб уцякацкі,
Што быў раскіданы, абходзілі з болем.
Між трупаў жанчын і дзяцей па дарозе
У полымя бітвы ішлі вы рашуча.

У полымя бітвы ішлі вы рашуча,
А сэрца не знала ні хвілі спакою,
Бо кожны з нас думаў: а хто там за плугам,
Хто молат падыме, хто стане з касою,
Ці хопіць умельства, ці хопіць ім сілы?
Адно суцішала, — народ наш магутны.

Адно суцішала, — народ наш магутны,
Што дзеці яго не ўпадуць ад адчаю,
Народ іх прыгрэе, народ іх навучыць,
Усюды па цэхах, па полі, па стэпах
Ён стане за працай вялікай сям'ёю,
I вы адчувалі, што крэпасць за вамі.

I вы адчувалі, што крэпасць за вамі.
Вы ў бітву ўступілі, не знаючы страху.
Ды вас было меней, чым ворагаў зграя,
Балюча было вам назад адыходзіць
I кожнае поле і шлях на расстанні
Слязой паліваць і сваёю крывёю.

Слязой паліваць і сваёю крывёю
Палеткі, дзе жыта, як звон, гаманіла,
Ды кожны хаваў запаветную думку:
«Чакай жа, радзіма саберыцца з сілай,
Мы ворага скрышым, мы ворага знішчым,
Спусціўшы галовы, не прыйдзем дахаты».

«Спусціўшы галовы, не прыйдзем дахаты», —
Сказалі сабе вы і слова стрымалі.
Браты падаспелі да вас на падмогу,
З'ядналіся разам, патроілі сілы,
Ударылі громам пад роднай Масквою.
Часіна суровай расплаты настала.

Часіна суровай расплаты настала —
Гарматы маланкамі сыпнулі ў неба,
А вы, сваю помсту ў грудзях запаліўшы,
Паўзлі між снягамі, ўзляталі арламі —
Ад роднае нівы, ад бацькавай хаты,
Жыцця не шкадуючы, ворага гналі.

Жыцця не шкадуючы, ворага гналі.
Калі ж ён упарта не сходзіў з дарогі, —
Вы білі таранам яго самалёты,
Вы смерцю сваёй амбразуры сцішалі,
Сабой рвалі танкі, бо ведалі добра:
Нічога няма даражэй за Радзіму.

Нічога няма даражэй за Радзіму,
За тую зямлю, дзе хадзіць навучыўся,
За неба, якое з калыскі пабачыў.
Вы плакалі сэрцам і ў бітву цяжкую
Ішлі без вагання, хоць вы адчувалі,
Што суджана многім дамоў не вярнуцца.

Што суджана многім дамоў не вярнуцца,
Да долу прыпасці і больш не падняцца,
Апошні раз бачыць вад пушчамі сонца...
Вы палі, ацбіўшы муры Сталінграда,
Палі Украіны, лясы Беларусі,
Вы палі, прыкрыўшы свабоду грудзямі.

Вы палі, прыкрыўшы свабоду грудзямі.
Вам сталі на свеце апошнім прыстаннем
Шырокія рэкі, ручайкі малыя,
Палі ў красаванні, дарогі ў завеях,
Гаі і дубровы, бары векавыя, —
На ўсіх неабсяжных і родных прасторах.

На ўсіх неабсяжных і родных прасторах
Вятры вам спявалі апошнюю песню,
Не свечкі свяцілі ў галовах, а зоры,
На варце стаялі яліны і сосны,
Схілялі галовы дубы векавыя...
I ўсіх вас да сэрца зямля прытуліла.

I ўсіх вас да сэрца зямля прытуліла,
Расою абмыла, прыкрыла лістамі,
Рассыпала краскі на вашых курганах.
А сонейка ўзыдзе і покуль не зойдзе,
А выблісне месяц і покуль не згасне,
Вы з нашых не сходзіце мараў і думак.

Вы з нашых не сходзіце мараў і думак,
Ці выйдзем вясною мы ў поле з сяўнёю,
Ці к рэчцы дзяўчаты ідуць на Купалле,
Ці зберуцца хлопцы пайсці на ігрышча —
Мы чуем ваш поступ і вашу гамонку...
У кожную хвілю заўсёды вы з намі!

У кожную хвілю заўсёды вы з намі!
Вы ў сініх задумных вачах хлапчуковых,
Ва ўсмешцы дзяўчынкі са школьнае парты,
У бронзе на зноў адбудованых плошчах,
У новых гудках параходаў, заводаў —
Ва ўсім, чым жыве наша маці-Радзіма.

Ва ўсім, чым жыве наша маці-Радзіма,
Ёсць вашая думка і вашы жаданні.
Мы ўсе вашы мары як след абаронім,
Сынам вашым, дочкам мы будзем бацькамі,
Мы ў сэрцы хаваем і помнім заўсёды —
Вы смерцю сваёй нам жыццё даравалі.

Вы смерцю сваёй нам жыццё даравалі,
Ваш сцяг узнялі мы угору высока,
Адзін да другога пасталі мы шчыльна,
Каб з думкай пра вас у шляху не спыняцца,
Бо знаем на свеце адну неўміручасць —
Такую, што смерцю жыццё нараджае.