Край мой! ты памятны мне
Ранкам сваім прамяністым,
Гоманам шумных гаёў
З першым павевам вясны.
Сінія кубкі азёр,
Звон ручаёў серабрысты
I ў берагах задуменных
Ціхія плыні Дзвіны;
Пушчы, дубровы, гаі,
Над голлем шумлівы вятрыска...
Сцюжу наслала на ўсё
Лютая гэта зіма!
Край мой, дзяцінства маё,
Песень натхнёных калыска,
Нашы дарогі-шляхі!..
Сэрцу спакою няма...
Час вызвалення ідзе,
Сонца пакутных сагрэе,
Сцяг вызвалення плыве —
Гоніць чужынцаў ліхіх.
Коннікі слаўна сякуць,
Грозна грымяць батарэі...
Маці! выходзь сустракаць
Сыноў памужнелых сваіх.
Разам з братамі прайшлі
Шлях яны горкі, суровы,
Разам змагаюцца скрозь
I перамогу куюць.
Рускі, грузін, украінец,
Рознай гаворачы мовай,
Любяць аднолькава ўсе
Маці, радзіму маю.
Маці! сыноў прывітай,
Стол накрывай абрусамі,
Ворагу больш не знішчаць
Нашы палеткі, сады!
Хлебам пшанічным частуй,
Што ад бандытаў схавала.
Дай сваім блізкім папіць
Чыстай крынічнай вады.
Шмат прынялі яны мук
За родныя сэрцу мясціны.
Маці, не страшны ім бой!
Глянь, праз пажарышчаў дым
Нашы героі ідуць
Па сцежках тваіх і пуцінах,
Кожная хвоя ў бары
Нізка схіляецца ім.