Па росту ён — Казбек, няйначай,
А галавою вышэй гор,
Мы й сёння Лермантава бачым,
Як слухае размовы зор.
Яму іх новы покліч чутны,
Які даўней шукаў здалёк,
I кліч чырвонай — пяцікутнай,
Найбольш прываблівае зрок.
А мы з паэтам. Нам здаецца,
Што скрозь, наперад дзе ідуць —
Нібы яго мы чуем сэрца,
Нібы ягоны голас чуць.
Ён тут. А кат не мае сілы,
Бо згніў. Няма шляхоў адтуль,
Бо мы Мартынава прабілі
Мільёнамі праклёнаў-куль.
А Лермантаў? Па-пад планетай,
Як зорка, верш яго плыве...
Ля Машука — гары паэта
Чытаюць вершы. Ён жыве!