Такія думы мне прыйшлі,
I я перакананы,
Што змалку ты сваёй зямлі
Як верны сын адданы.
Я добра ведаю, не раз
Цябе насілі мары
I ў Аклахому, і ў Тэхас,
I к срэбру Ніягары.
Яшчэ з дзяцінства пазнаваў
Машын ты хітрых мову,
Уолт Уітмен гадаваў
Цябе гарачым словам.
У тваім сэрцы, нібы звон,
Гучыць Лінкольна слава,
Перад табою Джэферсон
Як прыклад добрай справы.
I Эдысон, славуты скрозь,
Святлом душы іскрыцца.
...Шмат у цябе герояў ёсць
I ёсць чым ганарыцца.
Табе не дзіўна гонар мець,
Здабыткаў маеш многа:
Машыны — люба паглядзець,
Цудоўныя дарогі.
Умееш добра сеяць, жаць
I будаваць удала,
I можна смела так сказаць:
— Ты майстар дасканалы!
Што зробіш, люба на пагляд,
А ты зрабіў багата.
Ты любіш песню, любіш жарт
I скачаш ты заўзята.
Жывеш сваёю галавой,
Свае дарогі значыш.
Ну што ж, у працы у тваёй
Жадаю шчыра ўдачы.
Ты багацейшым хочаш быць,
Мацнейшым год ад году,
Ты любіш ціха, добра жыць —
З разлікам і выгодай,
Каб дома дочкі і сыны
Раслі ў сям’і шчаслівай.
Табе не хочацца вайны,
Пагібелі жахлівай.
Я веру, ты не ухваляў
Учынкаў ліхадзеяў,
Не ты салдатаў пасылаў
З разбоем у Карэю.
Ты не жадаеш раскідаць
З бацыламі заразу,
I ты не хочаш будаваць
Падпальшчыцкія базы.
Не хочаш ты зямлі чужой —
Карэйскай і тайваньскай,
Табе хапае і сваёй
Зямлі амерыканскай.
Шукай сяброў паміж людзей,
Глядзі ласкавым вокам, —
Куды жывецца весялей,
Калі сябры навокал.
Гуляй ў бейсбол і кегельбан,
Спявай, калі пяецца,
Ніхто да вас за акіян
Са зброяй не памкнецца.
А як захочаш сам калі,
I сілай пазабаўся —
Бяры разгон ты ад зямлі
Да Месяца, да Марса.
Усё, што хочаш сам, рабі,
Цябе мы не сурочым,
Што хочаш еш, што хочаш пі,
Скачы, як толькі хочаш.
А да цябе, заўсёды знай,
Няма ніякай злосці.
Ты лепей, знаеш, прыязджай
Да нас часцей у госці.
Пакажам мы табе калгас
I нашую будову,
Ты ўпадабаеш многа ў нас,
Павер майму ты слову.
I знікнуць брахуны тады,
Куды ім будзе дзецца?
Няхай жа дружба назаўжды
Яднае нашы сэрцы!