Чырвоны камочак.
Ну што ў ім, здаецца,
Трапечацца ж,
б'ецца,
спачыну не знае...
Калі прыгадаеш маленькае сэрца,
Чаго яно толькі ў сабе не змяшчае!
Шмат дзён перажытых,
I хмурых і ясных,
I моры, і горы,
і рознага многа...
А я вось даўно, ад маленства, выразна
Праз сэрца сваё адчуваю дарогу.
Ляжыць яна роўнай,
Стралою нібыта,
То раптам, як стужка,
закружыць,
заўецца —
Чым далей іду я, чым больш перажыта,
Тым больш успамінаў на ёй застаецца.
Ёсць людзі,
Што ў сэрцы сябрамі гасцілі,
Прайшлі той дарогай
хвіліну якую,
Прайшлі яны, дрэўцы на ёй пасадзілі,
А тыя цвітуць, і цвітуць, і красуюць.
А ёсць і такія,
Што, носячы камень,
Стараюцца кінуць,
між іншым,
як быццам,
Усцелюць дарогу згрызот валунамі,
Змагаецца сэрца,
каб як іх пазбыцца.
Балюча бывае,
Што засцяцца вочы,
Нямала іх здолела
цяжка параніць —
Кідаюся хворы на ложку праз ночы,
Але з перамогай страчаю світанне.
Хай твар мой,
Бывае, збялее, што кужаль,
Днём новым я лекі знаходжу,
іх мноства —
I зноўку выходжу бадзёры і дужы,
I сэрца раскрыта маё для сяброўства.