Гадзіннік мой імклівы дужа,
Ды думка найшпарчэй імчыць,—
Хутчэй,
чым стрэлка круг абкружы
Зямлю навокал абляціць.
Гадзіннік мой такі рабочы,
Няма выходных у яго,
Працуе ён і ўдзень і ўночы,
А сэрцу ж і цяжэй таго.
Ну, прыгадаем мы спатканне —
Чакаеш любай ты сваёй.
Гадзіннік тахкае звычайна,
А ў сэрцы гулкі перабой.
Няма яе — бярэ маркота,
Перад вачамі цемра хмар.
Няма гадзінніку клапотаў,
А ў сэрцы бура і пажар.
Ды штосьці блізка мільганула.
Яна ідзе,
ідзе,
ідзе...
I сэрца поўна светлым гулам,
Гадзіннік шчасцю лік вядзе.