Балота без краю,
Куп'ё, багавінне...
Драбнюткія сосны
Застыглі ў маркоце...
Сказалі калісьці
Дзяды мне, хлапчыне,
Што ходзяць начамі
Агні на балоце.
Сказалі, што з нетраў,
З глыбокіх аконцаў,
Увысь уздымаецца
Бляск нястрыманы,
Што гэта, няйначай,
Як свецяць чырвонцы,
Што недзе ў бяздонні
Ёсць скарб захаваны.
Падрос я.
Тым скарбам цікавіўся многа.
Не раз я начамі,
Знікаючы з дому,
Сачыў за агнямі
Са дна залатога, —
Мне іх давялося
Пабачыць самому.
I годы міналі
Услед за гадамі.
Я марыў
Пра тайныя сховы багацця.
I толькі вялікім
Дазнаўся з сябрамі,
Як трэба нам
Скарбу таго дабівацца.
Мы доўга гадалі, і
Як багну пасіліць,
Было ў нас пра гэта
Нямала клапотаў,
Мы дружнай сям'ёю
Як след падлічылі
I выйшлі з рыдлёўкамі
Ўсе на балота.
Мы працай упартай
Багацця шукалі,
Ад ранку да вечара
Спіны мы гнулі —
Удоўжкі і ўшыркі
Балота капалі...
I срэбрам бялюткім
Каналы бліснулі.
А потым
Мы выйшлі усе з тапарамі,
Хіліліся нізка
Кусты галавою.
А потым
Прайшліся як след трактарамі,
I гоні пакрыліся
Чорнай раллёю.
Нарэшце
Баронамі скрозь запахалі,
А ўлетку пайшло
Красаваць, каласіцца...
I мы дамагліся —
Той скарб адшукалі
У золаце чыстым
Паспелай пшаніцы.