Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Скрыпач

Сярэдняя: 3.7 (3 галасоў)

Садок у колькі вішань, сліў.
Пад вокнамі касач.
Хацінка ціхая. Там жыў
Стары Андрэй скрыпач.

Акружку абыйдзі людзей,
Пачуеш ты спярша:
– Андрэй?!
Ды гэта-ж чарадзей,
Вясёлая душа.

Адкуль такую сілу ўзяць,
Падумаеш, дык жах!..
Ці плакаць будзеш, ці скакаць,
Усё ў яго руках.

А ён, загадкавы сілач,
Звычаі меў свае —
Абходзіў куст, каб не сагнаць
I птушкі, што пяе.

Праз ноч, са скрыпкаю адно
Гаворыць смык-пяюн...
Мы беглі крадкам пад акно
Паслухаць звоны струн.

І разважалі найшчырэй
Па розуму свайму:
— Жыве Андрэй! Няма дабрэй
Нікому, як яму.

Бо павялося так здавён,
Па-дзедаўску яшчэ:
Радзіны — ён,
Вяселле — ён —
Заўсёды на куце.

На йгрышчах сыпле без падмен,
Пакуль пачне світаць...
Кадрылю ў пяць
Ці сем кален
Сплючы ён мог іграць.

І жыў Андрэй у нас.
Як бог.
Ад рання да цямна,
Яму і скварка і пірог,
I чарка не адна.

Бывала,
З саду усяго
(Ён быў вартаўніком)
Паслухаць яблыні яго
Збіраліся кругом.

І вось аднойчы ў вёсцы плач:
— Памёр Андрэй-скрыпач!..
Дзяўчаты ўголас: — Як-жа быць?..
Бабулькі: — Рана згас!..
Хлапцы: — Хто-ж нас павесяліць
Цяпер у вольны час?

А мы,
Што многа год таму
Стаялі пад акном,
З-пад гэбля зладзілі яму
Як след сасновы дом.

Калі-ж панеслі на плячах
Па шляху векавым
На смольных стружках
Скрыпача...
Мы ўсе пайшлі за ім.

I перадалі смутак наш
Прасторам жоўтых ніў —
Зайгралі мы Андрэяў марш,
Што нам аддадзен быў.