Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Слова пра дзяўчыну-агранома

Яшчэ не ацэнена

Жыве, як кажуць, у глушы,
На свет жа слаўна працай
Дзяўчына шчырае душы,
Ёй год крыху за дваццаць.

Ты можаш скрозь адно пачуць:
«Захоплены дзяўчынай».
Яе Рыгораўнай завуць
Ці проста Міхалінай.

Палі — яе вялізны дом,
Яна заўсёды дома.
Яна з юнацтва аграном,
I гэта ўсім вядома.

I я сцвярджаю не на жарт:
Ёй з полем — красаванне.
Пастаў такую на асфальт —
Зачахне і завяне.

А тут — у белі каласоў
Яна красуня й босай.
Яна свая паміж вятроў,
Між туманоў і росаў.

Абсыпле часам дождж, бы ў злосць,
То сонейка адорыць.
Ды з ёй усё, што ў полі ёсць,
Усё як ёсць гаворыць.

Я чуў, што ёй няма цаны
Як аграному. Згодзен!
Я сам, вядома, земляны
I знаю, што як родзіць.

Ды хоць пражыў я шмат жыцця
I шмат аб полі знаю —
Як Міхаліна, пачуцця
Я да раслін не маю.

Гляджу, калі праходжу з ёй,
Што кожная расліна
Здаецца ледзьве не жывой,
Гамоніць з Міхалінай.

Пшаніца хіліць каласы,
Жыты спіну згінаюць,
Ячмень даўжэзныя вусы
Як быццам распраўляе.

Гамоніць лён, што сінявой
Расплыўся над палямі,
А грэчка белаю ракой
Бушуе пад нагамі.

I думкі ў дзеўчыны свае —
Што ў гэтым вось багацці,
Ва ўсім, што так кругом пяе,
Яе часціна працы.

I што нялёгка ўсё прыдбаць,
Што просіць праца тая —
I позна легчы, рана ўстаць.
Ўсяк яно бывае.

Такія ёсць — не ўзяць нічым,
Адной за справу брацца.
Бывае так, што не з адным
Ёй трэба паспрачацца.

I гразь не гразь, а ў поле кроч.
Самой на ўсё рашыцца.
За вопытам праседзець ноч,
Ад справаздач адбіцца.

Бывае так, што набяжыць
I растрывожыць сполах.
Але цяпер, як паглядзіць,
На сэрцы так вясёла!

Бо гэта поле, што ў расе,
I ўсё, што ў ім сабрана,
Ляжыць, нібы на абрусе,
Шырока разасланым.

Пшанічны колас — пірагом,
Духмяным і праменным,
Аўсяны — свежым кісялём
I соладам — ячменны.

А з грэчкі каша — будзь ласкаў,
А жытні — смачным хлебам,
А з бульбы — з бульбы сорак страў
I дранік на патрэбу.

I гэта ўсё — ёй родны дом,
Любімая Айчына.
Ідзе па полі аграном,
Таварыш Міхаліна.

Гамоняць з ёю ручаі,
I гай, здаецца, грае,
А ёй спяваюць салаўі
I жаўры падпяваюць.

Яна ж не стоміцца ісці,
Хоць і клапотаў многа,
I сэрца рада, што ў жыцці —
Жаданая дарога.