Зямля ўсю ноч глыбока спала
У цемрадзі і ў туманах,
А сонца раніцай устала
I свет змяніла на вачах.
Спачатку ўспыхнула што свечка
Ды, асвятліўшы берагі,
Аж засмяяўшыся над рэчкай,
Пайшло на поле, на лугі.
Відно ў яго мільён патрэбаў,
Бо не спынялася нідзе,
Але з сярэдзіны ўжо неба
Глядзела — праца як ідзе.
А як ідзе ў людзей старанных,
Як у мурашак, як у пчол.
I, задаволенае, пэўна,
Пайшло хіліцца зноў на дол.
Крыху над борам пастаяла,
Крапулася ялін густых,
Апошні раз пафарбавала
I знікла ў хвалях баравых.