Усю Амерыку спазнаць
Мне аніяк не ўдасца,
А вось ёсць сцежачка адна,
На Астэр-Бэйскай дачы.
Я з ёю хораша дружыў —
Пасля Нью-Йорка тлуму
Я многа ёю пахадзіў
I многа перадумаў.
Блукаў засмучаны па ёй
Не раз я раніцою,
Шумелі клёны нада мной
I гаманілі хвоі.
I быццам аб сваёй вясне
Я чуў ў хвіліну тую,
Сцяжынка нагадала мне
Сцяжыначку другую,
Якая мне даўжэй, шырэй
Усіх шляхоў шырокіх,
Якая мне за ўсё бліжэй,
Хоць ад мяне далёка.
Гудзіць над ёй дрымотны бор,
Гамоняць сосны з дубам,
Бяжыць яна паміж азёр
На бацькаўшчыне любай.
Бяжыць паміж гаёў, кустоў,
Што ўюн, па лузе ўецца
У той мясціне ціхай, што
Ушаччынай завецца.
Яна мне ёсць і ў гэты час,
Як і была, адзінай,
Па ёй матуля ў першы раз
У свет вяла з хаціны.
Ды свет канчаўся мой, аднак,
Непадалёк задужа.
Хто мог бы думаць, што яна
Вакол зямлі абкружыць?
Што пройдзе сёлы, гарады
(А з ёй гады прамчалі),
Што прывядзе мяне сюды,
За акіяна хвалі.
I хоць сягоння па другой
З цікавасцю гуляю —
Адну люблю я ўсёй душой,
Адну я ўспамінаю.