Бывай жа, Амерыка,
Хутка мой дом,
Куды мяне вельмі цягнула.
Апошняя чайка махнула крылом
I сэрца маё закранула.
Яна паляцела імкліва
Назад,
На бераг, дзе чаек багата,
А там і ў мяне ёсць таварышаў шмат,
Завуцца яны — дыпламаты.
Нялёгкая служба у іх —
Працаваць
I ладзіць з людзямі чужымі,
Ім суму ніяк не ўдалося схаваць,
Калі я развітваўся з імі.
Сцвярджаў мне ўсё гэта,
Праводзячы ў шлях,
Абліччаў задумлівы выраз,
Я гэта пабачыў, пазнаў па вачах,
Якія зайздросцілі шчыра
Таму, што чакае
Мяне параход,
Што трубы запыхалі дымам,
Што ляжа ён курсам вядомым норд-ост,
Мяне павязе на Радзіму,
Дзе нашае сэрца
З маленства жыве
Між поля, між вуліцаў гулкіх,
Дзе кожнага вокам блакітным заве
Ці возера там, ці рачулка.
Дзе вецер
Нас кліча ў дрымотных барах,
Дзе песня не моўкне ў народзе,
Дзе сцяг прамяніцца, як быццам зара,
Што з ясных нябёс не сыходзіць.
Дзе любых прастораў
Ніяк яе абняць,
Дзе кут свой адзіны, жаданы,
Дзе кожны з нас будзе штохвілі, штодня
Па-роднаму, шчыра спатканы.
Бывайце ж, таварышы,
Час адплываць,
Няхай жа мацуе нас дружба,
А болей нічым не магу спагадаць —
У вас жа пачэсная служба.
Вярнуцца дадому
Вам прыйдзе чарод,
Надыдзе часіна такая,
За працу вас любіць увесь наш народ
I з ласкай заўжды ўспамінае.