Ты, мая пчолка,
З табою не ведаю скрухі:
Ты, мая пчолка,
Гудзіш і гудзіш мне на вуха.
Знаю цябе я,
Што ты ад маленства такая,
Толькі ні кроплі,
Ні кроплі я крыўды не маю.
З першым праменнем
Свае распраўляеш ты крыллі,
Гукаеш мяне,
Каб разам мы ў полі кружылі.
Трутнем не быў я,
З табою мы зладзілі хату,
Кут наш прывабны,
Хай жа ён роіць багата,
Хай жа спявае
Ад рання ажно да заходу.
Ты, мая пчолка,
Не бойся ніякай нягоды!
Здарыцца, трапіш
На злосную хвалю якую, —
Лісцікам лягу,
Сярод акіяна ўратую.
Стэпам бязводным,
Мо будзеш губляць свае сілы, —
Стану расінкай,
Каб смагу збыла, наталіла.
Часам, мо стрэнеш
Цяжкія, ліхія віхуры, —
Стану скалою,
Цябе прыхаваю ад буры.
Ты, мая пчолка,
Не джаліш, а звоніш ласкава.
Звон твой руплівы
Слухаюць кветкі і травы!