Аляксандру Пракоф'еву
Гаманлівых рэк узоры
Леглі дзіўнаю разьбою,
Пералескі, поле, гай...
Як пабачу сінь азёраў,
Як павее смольнай хвояй —
Свой, азёрны ўспомню край.
Я нямала зведаў свету,
Бачыў гор надхмарных высі,
Кіпарысаў шум пазнаў,
А куток наведаў гэты —
Дык падумаў: «Тут радзіўся б,
Пэўна б я не шкадаваў».
Тыя ж нівы, тыя ж росы,
Песня ў полі разлілася,
Што званочак, — не спыніць...
З кім мне быць ні давялося,
Так здавалася, — спытайся,
Стане казку гаварыць.
Дружа! У краі зялёным
Я нямала меў уцехі:
Пад паўночнаю зарой,
На сцяжынках і на чоўнах,
Дзе ні йшоў я, дзе ні ехаў, —
Чуў я голас, голас твой!