На вуліцах, плошчах тваіх шматгалосых,
Што слаўны і працаю і ў барацьбе,
Пабыць мне з сябрамі ізноў давялося...
Дзень добры, Варшава! Вітанне табе!
Хадзіў і хадзіў бы, здаецца, бясконца
Па новых кварталах, па скверах густых,
Дзе многа палацаў, асветленых сонцам,
I безліч усмешак на тварах людскіх.
Цябе ж і такой я прыгадваю часта,
Калі пачынала ты раны гаіць,
Я быў на руінах твайго Стара Мяста
I болю дагэтуль ніяк не пазбыць!
Так, шмат перажыта часамі цяжкімі,
З нас кожны пазнаўся з пакутай сваёй —
На сумных, журботных палях Асвянціма
Рассыпаны попел і маці маёй.
Варшава, свой боль перажыўшы глыбока,
Да сонца і шчасця раскрыла ты сцяг.
Ты здужала гора. Гляджу я навокал, —
Бязмерная веліч і прага жыцця!
Гляджу, на вачах узлятаеш, здаецца,
Расцеш, як у казцы, яшчэ і яшчэ...
I Вісла, як песня праз польскае сэрца,
У далеч стагоддзяў няспынна цячэ.
Ласкавыя хвалі з табою ў размовах,
Дзе ж лепшую песню, Варшава, знайсці?
Прымі ж ты сяброўскае, шчырае слова:
— Высока ўздымайся, красуй і цвіці!
Сябрам-варшавянам я шчасця таксама
Жадаю, як можа жадаць чалавек —
Мы з вамі суседзі не толькі палямі,
А братняю дружбай з'яднаны навек!