Уранку,
Толькі бойка адгула,
Баец ішоў па вуліцы сяла.
Над пажарышчамі
Курыўся дым і чад,
Касцямі грукаў абгарэлы сад.
Бязлюдна скрозь. Пуцінамі вайны,
Што мерцвякі, тырчэлі каміны.
I, прыхінуўшыся да попелу нічком,
Дзяўчынка маці клікала з плачом.
Баец да розных жудасцей прывык,
Але сляза скацілася на штык, —
Малую ўзяў, пяшчотна прыгарнуў,
Абцёр ёй твар, паесці даў...
Адчуў,
Што сэрца скамянела у грудзях,
Што з бойкаю яму на захад шлях:
Там дзень і ноч заве яго дачка...
Вінтоўку сціснула рука.