Увечар, як сонца пагасне за борам
I выплыве месяц на сіні папас,
Я ў думках аб свеце, аб тым, аб каторым
«Ён недзе пад намі» гавораць у нас.
Мы спаць адыходзім. А некага будзяць,
Бо ў сонца бясконцая праца свая,
I недзе, як мы, прачынаюцца людзі
Пад воклічы пеўняў і спеў салаўя.
Свой дзень пачынаюць у розных трывогах,
Каб дзень, што прыходзіць, без болю пражыць,
I недзе ўсё болей машын на дарогах,
I больш у паветры матораў дрыжыць.
I вось ужо ў цэхах машыны куюцца,
I вось ужо трактар у полі гурчыць,
А ёсць жа пачвары — ў час гэты кладуцца
Спачыць ад распусты і чаду начы.
А што ім! На іх жа працуе нямала,
Ды іх не турбуе ні голад, ні дым,
А сон іх вартуюць, не спяць генералы,
Бо знаюць, што добра аддзякуюць ім.
Завуць усяляк іх, найбольш — «пентагонцы»,
Яны што бульдогі пры босах сваіх;
I я, калі думкаю крочу за сонцам,
Спыняюся рэдка ля злыдняў такіх.
А што ў мяне з імі? Размова якая?
Я б вымеў усіх іх, каб добры галень.
Я з тымі, хто ранак з гудкамі страчае,
Ля тых, хто страчае сцюдзёны прамень.
I нас не разняць акіянам і морам,
Сыны мы палеткам сваім, гарадам.
Гляджу я — ўжо сонца садзіцца за борам.
— Дзень добры! — крычу я далёкім сябрам.
Яна ж невялікая, наша планета,
Нашто ж нам, старую, яе разбураць.
Дык будзем адзін аднаму не ракеты.
А шчыра вітанні штодня пасылаць.