Зямля зялёнаю красою
Агорнута з тых дзён, калі
Вада ўзбудзіла ўсё жывое, —
Вада няйначай кроў зямлі.
Яна — нязмернае багацце.
Хто знае, што ёй за цана!
Ну, як расінка птушаняці
Ці зерню кропелька адна.
А для байца з вадою фляга,
А непрытомнаму глыток,
А для таго, хто чуе смагу,
Пустэльны мерачы пясок, —
Вада ва ўсім ратунак першы,
Куды ні глянеш, творыць цуд!
Сцвярджаюць: «Непатрэбна вершам...»
Няўжо зусім? Цяжкі прысуд!
Бо верш — жывучая галінка,
Дзе так трапечуцца лісткі.
А дзе ніводнае расінкі —
Парассыпаюцца радкі.