Як восенню ўзгоркі засцелюцца золатам,
Паміж валатовак блукаць я люблю, —
А ў тых валатоўках волаты, волаты,
Што леглі калісьці за нашу зямлю.
З іх кожны здаецца магутным, высозным,
З такімі мячамі, што хмар дастаюць...
Сягоння ж дубы векавыя і сосны
Аб подзвігах даўніх размовы вядуць.
I ветры аб храбрых гудуць прад зарою,
I песня над родным прасторам звініць
Пра племя магутных нашчадкаў-герояў,
Што здолелі продкаў надзейна змяніць.
Іх, можа, адна толькі думка дагоніць,
Ім суджана ў далях міжзорных крыляць...
Ніколі такую зямлю не палоняць,
Што гэткіх асілкаў магла ўзгадаваць!