1
Дзень першы восені. А гэткі,
Што восень цяжка распазнаць.
Гараць, як летам, ярка кветкі,
Сады зялёныя стаяць.
Ды між плывучай павуціны
Яе настойлівасць відна —
Загад свой піша на рабіне
Ў чырвоных літарах яна.
А на ляшчынніку, бярозках,
На вербалоззі пры вадзе
Жаўтлявай фарбай кропкі, коскі
Парасстаўляла дзе-нідзе.
Запахла бульбаю пячонай,
Туман дыміцца ля ракі.
Пакінуць кут свой улюбёны
Не хочуць, раяцца шпакі.
А школьнікі з вясёлым гулам
Да школ вярнуліся з лясоў.
I сэрца даўняе адчула,
Нібыта з імі сам пайшоў.
2
Каторы дзень спякота запар,
I горача на сэрцы ў нас.
Рэспублікі чытаю рапарт —
Здала багаты плён у час.
I бачу я, як скрозь мяхамі
Напоўнены грузавікі,
Мяхі ж сядзяць гаспадарамі,
I выгляд не абы-які.
Бо едуць пасланцамі года
На элеватары, на сход.
Ім віншаванні ад народа.
Даўно чакае іх народ.
Страчаюць іх усюды з ласкай,
Але нямала ёсць пачвар:
За наш жа хлеб — нам крыўдна, цяжка
Не дзякуюць, плююць у твар.
Адкінем гэту перагасу —
Нам і далей з яснотай жыць,
Бо праўда ёсць і праўду нашу
Ніякай крыўдай не скарыць.
Мы смецце бруднае адвеем,
Наш заўжды чысты каравай.
Мы хлеб сабралі. Зноўку сеем.
I верым: будзе ураджай!
3
Туман радзее болей, болей,
Раскрыўшы вокны на палях.
I мне здаецца, што паволі
Ўся распранаецца зямля.
Скідае плашч бялява-сіні.
Шырэе на вачах прастор —
Відны ўжо сцежкі, ручаіны,
I вырас гай, і ўзняўся бор.
Азначыўся асвер пры хаце,
Дым з каміноў слупамі ўвыш.
Як сон здаровага дзіцяці —
Такі спакой вакол і ціш.
На ўсёй зямлі ж не так сягоння:
Я чую плач, як свішча біч,
Я чую выбухі ў Сайгоне
I ў Вашынгтоне неграў кліч.
Яшчэ паўзуць атруты змеі
I па зямлі, і па вадзе.
Я чую, Тэйлар як шалее,
У грош не ставячы людзей.
Ён, прыкрываючы парфумай.
Падкінуць свету хоча смерць.
Хаджу ўвесь дзень, хаджу ў задуме
Ці хутка гэтаму канец?
Гляджу на сонца, што здалёку
Прыйшло, згубіўшы многа сіл:
Плыве, што струджанае вока,
Чырвонае, за небасхіл.
4
I верасы, нібы па змове,
Скідаюць кветкі па лясах.
I колер неба ўжо сталёвы,
I ў ветры — ад паўночы шлях.
I хоць яшчэ далекавата
Да колкіх зімніх халадоў,
Ды, дзе ні глянеш, ладзяць хаты,
А колькі розных тых майстроў!
Хто чарапіцай, хто драніцай
Імкнецца дах шчыльней накрыць
I валачэ мураш ігліцу,
Каб спакайней было спачыць.
Барсук ацепліў дбайна норку,
Бабёр падрыхтаваў жытло,
А як дагледзела вавёрка
Замаскававае дупло!
Іх сівер снежня не загубіць,
Хоць і чуваць ягоны крок,
I кожнаму бясконца любы
Над галавою свой куток.
5
Гулкія хвалі, колькі вас, розных,
вецер сядлае і гоніць.
Вас — табуны, леціцё ў беспрыстанне,
быццам грывастыя коні.
Вецер мацнее. Куды я ні гляну,
вас усё болей і болей.
Кожная хоча дагнаць каб другую, ды не ўдаецца ніколі.
Бачу адну я: імчыцца навыскач і, не нагнаўшы, лютуе,
Тая ж, што выйшла раней у дарогу, бераг пясчаны цалуе.
Так і ў жыцці нашым часта бывае: хвалі —
грывастыя коні.
Сэрца кагосьці дагнаць пажадае,
толькі ніяк не дагоніць.
След той губляецца, пікне ў дарозе,
потым схаваюць завеі,
Вашы ж размовы — бурныя,
ціхія — нам пакідаюць надзеі
Кожнаму здзейсніць свае пажаданні,
будзь тое увечар ці рана:
Старасці — роздуму, цішы, спакою;
шчасця ў жыцці — закаханым!
6
Зацягнулі неба хмары і закрылі нават сонца,
Дый праз хмары сонца сілу мы заўсёды адчуваем.
Паглядзіце, як у высі да яго усё імкнецца:
Горы, дрэвы, травы, кветкі, птушкі, славячы прасторы,
Гарадоў і вёсак вежы, караблёў магутных мачты.
А касмічныя ракеты, а дзяцей забавы — «змеі»,
А хусцінкі карагодаў, а юнацкіх сэрцаў песні!..
Нездарма арлу зайздросцяць, што такія мае крылы!
Паглядзіце вы на зерне, што зямлёю прыгарнулі:
Ледзь цяпло адчуе сонца — два расткі яно пускае
I становіцца на ногі,
галавой імкнецца ў неба.
А святло як толькі ўбачыць —
зачырвонее ад шчасця,
Бо вакол яму падобных, ігальчастых, незлічона.
Дык няхай на небе хмары —
рунь заўжды праменне чуе,
Мкнецца ўгору штохвіліны, хоць таго не бачыць вока.
I не страшны дужай руні ні завеі, ні марозы,
Пад пуховым дахам снегу
на зямлі грудзях утульна —
Там чакаць,
пакуль з-за хмараў веснавое гляне сонца,
А пасля яму насустрач узнімацца вышай, вышай,
Зелянець і красавацца, набіраць ягоны колер
Ды спяваць хвалу жывому
спелым коласам мядзяным,
Тым, дзе кожнае зярнятка —
быццам сонейка малое.
7
Калі камара важыць па ўласнай
яго вазе, ён важыць 100 кілаграмаў.
Балгарская народная прыказка
Восень.
Разважанняў час.
Дзякую за дзіўны сказ
Я з Балгарыі сябрам
Пра зазнайку-камара.
На дубу сядзіць камар.
Што за постаць?
Што за твар?
То ж здалося камару,
Што ён большы за гару.
Што ў становішчы такім —
Дуб згінаецца пад ім.
Толькі — што адзін той дуб!
Узвіхрыў камар свой чуб —
Паглядзяць няхай як след:
Перад ім дрыжыць сусвет.
Што там людзі — машкара!..
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Здзьмухнуў вецер камара.
8
То заскуголіць паміж хвой,
То таямніча заспявае —
У восені ёсць голас свой,
Яго заўсёды ты пазнаеш.
I хоць нічога не відаць
Часінай позняю, начною,
Магу заўсёды разгадаць,
Аблічча восені якое.
Калі атулена парчой,
Калі ў падзёртае кашулі,
Калі вясёлае дзяўчо,
Калі надзьмутая бабуля.
Калі вятры лісток сарвуць,
Калі кастрамі ўжо сагрэта.
Вось гэтак людзі пазнаюць
Па слову мастака-паэта.
Такія ёсць, што пра Парнас
Не мараць у часы натхнення.
Чытаем іх — і сэрцы ў нас
Аж заміраюць ў захапленні.
Другія з пыхай: «Салаўя
Даўно мы замянілі словам...
Вось голас мой!.. Вось гэта я!..»
А спеў пачуеш — ішаковы!
9
Паволі восені абрысы
Да нас на вуліцы прыйшлі.
Стракатыя крычаць афішы:
— Сезон тэатры пачалі.
А па музычных школах, клубах —
Уздым, і не абы-які:
Зайгралі галасіста трубы,
I гучна ўдарылі смыкі.
Суцішна стала на бульварах,
Былога тлуму не чуваць,
Ды нават дожджыку з-пад хмараў
Ніяк каханкаў не разняць.
Няхай аброшаны іх скроні,
А вочы свецяцца ярчэй,
I сэрцы іхнія сягоння
За промні сонца гарачэй.
10
У верасні дні залатыя,
Яны з барвоваю каймой.
Я ў месяц верасень, Сафія,
З тваімі сцягамі, з табой.
Я ведаю, што многа страціў,
I сум трывожыць галаву.
Балгарыя! Цябе не бачыў,
Але даўно табой жыву.
I ты дазволь мне пахваліцца,
Хоць тут нясціпласць ёсць мая:
Мой дзед калісьці быў на Шыпцы,
А гэта значыць — быў і я.
Малому мне на сёмым годзе
Ён гаварыў пра веліч гор...
Твае сыны Кірыл, Мяфодзій
Далі мне літараў узор.
З арліным клекатаннем мову
Імкнуўся я пазнаць, вучыць.
Натхніла слова Дзімітрова,
Як рэвалюцыю любіць.
I думы, сонцам налітыя,
Плывуць на поўдзень чарадой...
Я ў месяц верасень, Сафія,
З тваімі сцягамі, з табой.
11
Бор мой шэптам голля піша
Славу справам баявым.
Я ж хацеў бы, паміж іншым,
Пахваліцца і такім.
Сэрца поўніцца ад песень.
Гэта ж гонар, і які —
На маёй радзіме з лесу
Выцякаюць дзве ракі.
Пасланцамі месц прыгожых
Разыходзяцца яны —
Да Дняпра бяжыць Бяроза,
А Ушачка — да Дзвіны.
Скрозь палеткам ласку дораць,
Кожная — як добры госць.
Ажно ў двух вялізных морах
I вада з тых рэчак ёсць.
Вераснёўскім ранкам сінім
Сам праводжу я паслоў.
Колькі кропель у іх плыні,
Столькі там маіх сяброў.
12
Адышло ўжо дзён багата —
Што лістоў зляцела з гаю...
Камсамольцы год дваццатых,
Я радзей вас сустракаю.
Ведаю, што вам прыпала
Перажыць і вызнаць многа.
I не дзіва — вас нямала
Засталося на дарогах.
Без аркестраў вас хавалі,
Не ўсцілалі груд вянкамі.
Толькі сосны і спявалі
Развітальную над вамі.
Ды нас многа яшчэ службу
Скрозь нясе як след, заўзята.
Мы мацуем нашу дружбу,
Як калісьці ў год дваццаты.
Хай бывае цяжка часам,
Не здаюцца нашы сэрцы,
З тымі, хто ў жыцці застаўся,
Люба-дорага сустрэцца.
Хто з палёў, хто з гор, хто з мора,
Сабяромся і сядаем,
А настрой такі бадзёры —
Як і некалі, спяваем.
Хоць галовы пабялелі,
Ды глядзім наперад смела.
Час прыйшоў. Мы пастарэлі.
А зямля памаладзела.
13
Ты, восень, ў крапінках, чырвоная
Ці хмурая, як прыйдзе злосць,
Але заўсёды, як сягоння,
Ты шчырая, якая ёсць.
Паэтаў жа самахвалебных
Ёсць шмат. Гудуць, нібы няўзнак:
— Не любім славы. Не патрэбна.
I нават шкодная яна.
Але хай крытык не заўважыць —
Накліча на сябе праклён.
Паэт усходзіцца: «Абраза!»
I ўсіх як ёсць знішчае ён.
14
Пярун ударыў,
як гармата,
Не — і суровей
і гучней.
На думку зноў
прыходзіць атам,
Што за гарматы
шмат страшней.
Я не жадаю
быць салдатам,
Каб атам
мог людзей знішчаць.
Ды я — салдат,
каб мірным хатам
Ніколі
атама не знаць!
15
Дождж забубнеў па даху позна.
Нясмела ён прыйшоў да нас,
Як вучань пальцам асцярожна
Крануў раяль свой першы раз.
Пасля мацней,
мацней,
прыгожа,
То зашуміць,
то змоўкне ўміг.
Не ўсякі так маэстра можа
Адчуць гучанне струн сваіх.
Калі ж пяройдзе да мажору
I на ўвесь голас пець пачне...
А дзесьці дасць пярун над борам
Зямлю, здаецца, скалыхне.
А думкі, думкі, як па змове,
Ўсю ноч спакою не даюць:
— Ах, каб мае маглі так словы
Людскія сэрцы закрануць.
16
Мы жывём у дружбе згоднай,
Сустракаемся часцей.
Вераснёўскім днём пагодным
Віншаваць прыйшоў гасцей.
Хоць няважны я прамоўца,
Горача вітаю вас:
— Добры дзень, сябры-літоўцы,
Дарагое свята ў нас.
А далей мая прамова,
Як заведзена яно:
— Вашы справы, ваша слова
Палюбілі мы даўно.
Аб народах вашых мужных,
Што ля Нёмана-ракі,
Як жылі мы з вамі дружна
Здаўна, доўгія вякі.
Як крывёю ў час навалы
Мацавалі свой саюз,
Як плячо ў плячо стаялі
I Літва і Беларусь.
З тых часоў, што помнім ледзьве,
Побач нівы ў нас шумяць,
А мы добрыя суседзі,
Разам сеяць нам і жаць.
Там, дзе некалі гукалі
Пеўні пеўняў на зары,
Нашы фабрыкі гудкамі
Шлюць вітанні, як сябры.
А сягоння мы ў сяброўцы,
Быццам тыя спарышы.
Дык за стол, браты-літоўцы,
Пагаворым ад душы.
Хто з нас як у людзі выйшаў,
Што рабілі гэты год,
Што пісалі, што напішам,
Каб падзякаваў народ.
Каб, як з добрае абновы,
Пацяшаўся сэрцам ён,
Каб лажыў з любоўю слова,
Як і зерне, на далонь.
17
У нас штодзень пільней уборка,
Па бульбе свой здзяйсняем план.
Мае ж таварышы ў Нью-Йорку
Цяпер, на сесіі ААН.
Відаць, у спрэчках выступаюць.
I часам мы не спім начэй.
Ды я — па шчырасці — не знаю,
Каму на працы гарачэй.
Іх слухаюць там дыпламаты,
А нас — палеткі, нівы, гай...
Але мы ўсе ад сэрца рады
За Беларусь, свой родны край,
Што выйшла з франтавых завеяў,
З палосак бедных і вузкіх,
I што яна на асамблеі —
Як роўная паміж усіх.
Змагаецца за мір заўзята,
Каб вечна ў шчасці жыў народ.
Ёй, воляй ленінскай узнятай,
Сягоння сорак пяты год!
18
Маўкліва ў небе цёмна-сінім,
I нават каня не заве.
Адзін лісток, як сіраціна,
Паміж асенніх хваль плыве.
Вятрыска хвалі не гайдае,
Навокал ціша і спакой,
Але лісток у вір трапляе
I ўміг знікае з галавой.
Я думаў, ён навек схаваўся
(Дзе сілу ўзяць ў віры такім),
Але гляджу, ён паказаўся,
Хоць і знясілены зусім.
Ды зноў паплыў сабе памалу
Насустрач сонцу і да зор...
Так і ў маім жыцці бывала,
Так выплываў я на прастор.
19
Мухаморы, мухаморы!
Што за постаць, што за ўборы:
Брыль у кропкі, каляровы,
Выгляд хвацкі, адмысловы.
I ў людзей вось так бывае:
Быццам пава выглядае,
Як апранена, абута...
А кранеш душу — атрута!
20
Я па асінку маладую
Гляджу — суцішыцца калі?
Што ж на цябе, на трапяткую,
Паклёп дарэмны узвялі?
Вось так, бывае, і дзяўчыну
Зняславіць невядома хто.
Яна дрыжыць, дрыжыць асінай,
I немаведама — за што?
21
Найболей мы цяпер па хатах,
Пры тэлевізарах, ля кніг.
I без вады ўжо аўтаматы
Сярод кварталаў гарадскіх.
Усё трывожней ветру спевы,
Золь адчуваецца бліжэй.
Хоць распранаюцца ўсе дрэвы,
Мы апранаемся цяплей.
22
Як быццам хтосьці ўзяў раскінуў
Скрозь па кавалачку зары.
Аж гэта ўдзень, пад небам сінім,
Гараць асеннія кастры.
У кожнага ў душы з праменняў
Гарыць маленечкі касцёр.
А твой касцёр, наш родны Ленін,
Узняўся ўвысь да самых зор.
I колькі нас на ўсёй планеце,
Шчаслівых, што яго знайшлі.
Гарыць касцёр такога сэрца,
Што грэе ўсіх людзей зямлі.
23
Імшары. Кропелек чырвоных —
Што пацерак, куды ні глянь.
Прыгожы з імі мох зялёны,
Нібы расквечаны дыван.
Што кропелька, дык журавіна.
Прыемна гэту назву чуць —
Нядарма ж лепшую дзяўчыну
Скрозь журавінкаю завуць.
24
Па возеры плыву я ў поўнач,
Гарыць у хвалях зор сям’я.
Вяслуючы, кірую чоўнам,
Нібы па зорах еду я.
А зорак шмат. Бяры любую,
Бо возера — як зорны дом.
Здаецца мне: адну, другую
Вось-вось зачэрпну я вяслом.
Ды колькі я ні намагаўся,
Вяслом лавіў, хапаў рукой —
Сусвет іх зорны разбягаўся,
Не мог здабыць я і адной.
25
Хай верасень з насеннай жменяй
Па полі ходзіць за сяўбой.
Я рад, што ў гэты дзень асенні,
Кастрычнік, стрэціўся з табой.
Плывуць імкліва на экране
Мая зямля, мой родны кут.
Гляджу з вялікім хваляваннем
У кіно сягоння «Рускі цуд».
Пустыр. Пакрыўленыя хаткі.
А потым — гмахі карпусоў...
Нібы я зноў жыццё спачатку
Да дзён сучасных перайшоў.
Шнуркі вузенькія навокал.
I за сахой пануры дзед...
Як узняліся мы высока:
Ад той сахі — аж да ракет!
Няўжо ўсё гэта за паўвека
Так разгарэлася зара!
Не пазнаю я чалавека —
Жыцця свайго уладара.
26
Уранні пабялелі травы,
I парадзеў на ўзгорку гай.
Зіма прыслала нам заяву.
Мы ж кажам ёй: «Ты пачакай!
Яшчэ рабіць мы многа маем
На полі з ранку да цямна.
Чакай! Бо нават адступае
Ад нас халодная вайна.
Надыдзе час, снягі заскачуць.
Прыйдзеш пад самыя дамы...
Вайны ж халоднай, ні гарачай,
Знай, не жадаем бачыць мы».
27
Увосень ножкай коп,
А вясной ручкай хоп.
Народная прыказка
Хто знае, колькі застаецца,
Пакуль мятлюга загудзе.
Глядзіш — і радуецца сэрца:
З палёў пад стрэхі ўсё ідзе.
Але спускаеш вочы долу,
Як быццам сам зрабіў не так,
Калі згібелы ўбачыш колас,
Ці бульбіну, альбо бурак.
Вялікія ў людзей патрэбы.
Калі ж рука не падняла,
Дык значыць, што кавалак хлеба
У нас зваліўся са стала.
28
Калі паглядзіш, проста цуды:
Паміж лясоў, на плынях рэк
Бабёр зрабіў свае запруды,
Што пазайздросціць чалавек.
Ён дужы, спрытны і харобры,
Зваліць асіну — не ў цяжар.
А больш таго, ён майстра добры —
Гарбар, тынкоўшчык і цясляр.
Жыццё ж усім наканавала,
Як жыць самому, як з сям’ёй.
Бабёр вось так, арол на скалах
Будуюць кут уласны свой.
29
Ах, як той вецер лісці гоніць!
Іх лёт барвовы і густы.
Нібы наш кут, як улюбёны,
На поўдзень шле свае лісты.
Мінаюць крылы ветру горы.
Як добра дужым быць такім —
Адным крылом над Белым морам,
Над Чорным звесіўся другім.
Не пазнаю я сёння гаю,
Ён хутка стане галышом.
Што зробіш? Вецер зачапляе
Нас ледзяным сваім крылом.
Ды добра ведаю сягоння:
Другім ён вернецца да нас
I ў родны гай лістоў зялёных
Бясконца прынясе ў адказ.
30
Мой верасень!
Ты развітаўся МАЗам,
Паўнюткім бульбы, на шашы.
А час далейшы, што ён скажа,
Што прынясе нам для душы?
Ты добры, верасень, гусляр быў,
А што ў наступным для людзей?
Якія подыхі і фарбы
I кругабег якіх падзей?
I роздум неспакойным зернем
Пачаў у сэрцы прарастаць —
Шкада таго, чаго не вернеш,
Цікава ж новае пазнаць!