Можна заўважыць
па рознай прыкмеце,
Як пачынаецца
вецер.
Спачатку
ледзь-ледзь
задрыжыць павуцінка,
Яе падтрымае
лістамі асінка,
Пройдзе мясцінамі
шэрань па рэчцы,
Крылца пчалінае
ўспырхне на кветцы.
Провад зашэпча штосьці
над шляхам.
Ўгору памкнецца
саломінка з даху.
Потым як дзьмухне —
узрушацца лозы.
Следам прыгнуцца
малыя бярозы,
З вішань пасыплюцца долу
каралі,
Жытам пракоцяцца
буйныя хвалі,
Зойдуцца ўраз галчаняты
ў трывозе,
Слупам узнімецца
пыл на дарозе.
Дзіка завые —
бор адгукнецца,
Нават на студні
асвер скаланецца.
Рознае птаства
прагоніць ён з вуліц,
Пеўня з дрывотні
сарве,
перакуліць,
Пашкуматае
копны ён смела,
Бачыш — страха
аж угору ўзляцела...
З чорнымі хмарамі
ладзіць ігрышча —
Скача і свішча...
Скача і свішча...
Вецер і з хмарамі
любіць змагацца,
Хмары разгоніць,
ды сілы ўжо страціць.
З высі магутнае сонца
Як гляне —
Ветру
нізвання!
Так было з ветрам.
Знік ён па часе.
Помню,
як бура ў мяне пачалася.
Дзеўчына,
быццам матыль, мільганула,
Позіркам
ціхім мне грудзі кранула.
I абыякавасць
зрушыла трошкі
Смехам срабрыстым,
як звонкім гарошкам.
Думы ж аблытала
светлай касою,
Потым звяла мяне
плыткай хадою,
Неяк, прыпаўшы
тварам да твару,
Ўшчэнт спапяліла
сінеючым жарам.
Дрэўцам я кволым
прад ёй захістаўся —
Бура ў грудзях маіх,
бура ўзнялася.
Сэрца то ў бездань,
то ў неба кідае,
Быццам той човен
на хвалях гайдае.
Стаў я з гадамі,
як дуб крамяністы,
Толькі прад ёю
схіляюся лістам.
Часам да долу
паду галавою,
Жвір на дарозе
абсыплю расою.
Часам прашу я:
— Бура, ўжо годзе!
Яна ж не праходзіць!
Яна ж не праходзіць!