З-за лесу выплыла яно, —
Як белы пух,
Як ваты ком,
Пасля, як быццам палатно,
Затрапыхала над сялом.
Зары праменнае крыло
Яму перапыніла шлях.
Яно ж зайграла,
Расцвіло
I разгарнулася, як сцяг.
I неба ў чырвані, ў агнях
Загатавалася, як вар...
I нібы
Кропелька адна
Мне стуль скацілася на твар.
Душу маю ахутаў жар,
I думкі роем паплылі —
Што гэта кроў
Ці то сляза
Барацьбітоў, з якой зямлі?
А сцяг, што рос і далей плыў,
Не мог я зрокам абхапіць...
I думаў я,
Ці ўсё зрабіў,
Што мне належала зрабіць?