Ну і вяселле было ў нас,
Ну й давялося пагуляць.
Клянуся,
Што і ў гэты час —
Такое трэба пашукаць!
Ну хто б раней падумаць мог,
Каб Насця з нашага сяла,
З сяла пад Брэстам —
Белы Мох,
Аж у Малдавію зайшла.
Не чулі гэтага калісь
Ані мой бацька,
Ані дзед,
А тут разважыш, паглядзіш,
Як быццам так яно і след.
Аж з-пад Днястра,
З малдаўскіх хат,
Служыў у нас адзін салдат.
Які сабой? Што ў песні той:
«Пагранічнік быў герой».
Пазнаўся з Насцяй.
Над ракой
Сябры іх бачылі не раз.
А адслужыўшы тэрмін свой,
Забраў ён дзеўчыну у нас.
Трывогі шмат бацькам старым:
— Куды? Што ў іх за старана?!
А хлопец:
— Мы жывём адным,
Наш лёс адзін і кроў адна!
. . . . . . . . . . . . . . . . . .
Шуміць, гудзіць сяло вакол,
Хлапцоў, хлапцоў,
Дзяўчат, дзяўчат!..
Калгас накрыў багаты стол,
Прыслаў аркестр пагранатрад.
А хор дзяўчат-падруг пяе,
А песням тым
Няма канца...
...Калгас даярку аддае
За пагранічніка-байца.
Як зачыніць,
Паўнюткі дом,
Увесь парод не палічыць.
А госці едуць... За акном
Стаяць «Пабеды», «Масквічы».
Згулялі ноч. I дзень узнік —
Хто танцаваў,
Хто еў, хто піў...
Прымчаў пад ранне паштавік
I тэлеграму абвясціў.
А ў тэлеграме
Сэнс такі:
Ляцяць з Малдавіі бацькі.
Такой вясціне
Рад народ,
Прыйшоў, хто толькі быў вакол!
...А ўжо над полем самалёт
Гудзе, зніжаецца на дол.
I вось ён сеў.
Аж загула
Ўся грамада ад пекнаты —
З-пад серабрыстага крыла
Ідуць бацькі, ідуць сваты...
А на адзенні ўзораў шмат,
А шапкі, шапкі — стаўбуном!
А кветак, кветак
Цэлы сад!
Між імі бочачкі з віном.
А мы насустрач — многа рук.
I свату так:
— Вітаць дазволь! —
А мы насустрач ім —
Абрус,
А на абрусе хлеб і соль.
I вось, па звычаю старым,
Узняўшы чаркі,
Хто як мог,
Мы «Калі ласка» кажам ім,
Яны вітаюць нас: «Нарог!»*
А там, ад сэрца ідучы,
У хаце гутарка пайшла:
Амаль тры дні
I тры начы
Не выхадзілі з-за стала.
Віталі нашу маладосць
I лёс радзімы маладой,
I запівалі ўсё
Як ёсць
Мы чаркай моцнай не адной.
Ды не забыліся таго,
Што надта соладка —
Гарчыць!
Як ёсць пачатак для ўсяго,
Так і канец павінен быць.
Суняўся, змоўк
Вясельны гром,
Бо час ад'езду ўсім настаў.
...I маладых аэрадром
На крыллі срэбныя прыняў.
А я гляджу — ў жыцці людскім
Бліжэй сышліся берагі,
I я ўсё думаю аб тым:
Другія людзі,
Свет другі!
Раней адлучыць вёску гай,
I тая бы ў далі якой,
А вось цяпер —
Малдаўскі край
I той як быццам пад рукой.
* Нарог—па-малдаўску «Будзьце здаровы!».