Звоняць рэкі з ручаямі,
Расшумеліся дубровы,
Над палямі, над барамі
Кліч праносіцца вясновы.
Гэты кліч напоўніў грудзі,
Пралятае рэхам мужным:
Хутка бой апошні будзе,
Хопіць сілы. Мы адужым!
На шляху ў паходным строі
Рана-рана,
На світанні,
Чуюць коннікі-героі
Голас родны з-пад Кубані:
— Вы сячыце чужаніцаў,
Прыбівайце капытамі!
Сеем, сеем мы пшаніцу,
Вас сустрэнем пірагамі.
На франтах вясна заграла,
I з зялёным раннім лістам
Да далёкага Урала
Галасы ідуць танкістаў:
— Не знайдуць сабе ратунку
Каты з лютаю гайнёю,
Толькі болей нам дарункаў
Шліце з моцнаю бранёю.
А на Нёмане і Сожы
Кліч прарваў пакуты, здзекі:
— Не даруем,
Пераможам!
Забурляць крывёю рэкі.
Там узняўся несціханы
Гул суровы,
Гул няспынны —
То выходзяць партызаны
Беларусі, Украіны.
I здалёк, з-пад гор, цяснінаў,
Брат адною думай весніць...
Алазанская даліна...
Паміж гор імкнецца песня:
— Ты, магутны наш народзе,
Бі паганцаў,
Бі няшчадна!
Мы сыноў на бой праводзім,
Сад дагледзім вінаградны.
Пройдзе час.
Скарыўшы зграю,
Прывядзе сыноў дарога.
Кубкі ўсім нальём да краю
З клічам гордым:
— Перамога!