А я любіў за ўсё найболей
Пагутарыць ва ўсе гады.
Маўчаць не буду я ніколі,
Хоць вусны змоўкнуць назаўжды.
I хоць жа глыбамі цяжкімі
Зямля накрые з галавой,
Я буду гаварыць з усімі
Травінкай кожнай нада мной.
Я буду славіць вас, жывыя,
Заўсёды рады вас пачуць.
I веру: кроплі дажджавыя
Адказ мне ў сэрцы прынясуць.