Не страшна мне
Ні твань, ні багна,
Ані віхуры гул і свіст —
Я за жыццё схапіўся прагна,
Як за галлё
Дубовы ліст.
На восені,
Мядзяны, дужы,
Між хмурай стыні ён гарыць...
Трасуць яго вятры і сцюжы,
А ён адно ў адказ —
Звініць.
Калі зімой
Мятлюга грае
I злосна шчэрыцца мароз,
Ён, як далонню, прыкрывае
Галінку тую,
Дзе прарос.
I толькі ў ясны дзень
Вясновы,
Калі красуе ўсё вакол —
Перад лістком зялёным, новым
Ён ціха падае
На дол.