Пяе Беларусь. Упрыгожаны хаты,
Свайго вызвалення святкуючы свята.
Вакол урачыста яна пазірае,
На свята сяброў дарагіх запрашае.
I я да іх слова прамовіць імкнуся:
— Вы волю прынеслі маёй Беларусі —
Згадаем жа дружбу і дні баявыя,
Вас клічуць на сходку сябры франтавыя.
Вас клічуць, як родных, браты-партызаны
На тыя мясціны, дзе білі паганых.
На месціны, дзе паламалі ім рогі —
Вас клічуць сцяжынкі і вашы дарогі.
Нямала вам тут давялося змагацца,
Вас клічуць і вуліцы нашы і пляцы.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
На мірную справу працуем цяпер мы,
Мы ладзім сялібы і добрыя фермы,
I школы, і клубы, і яслі будуем, —
Як бачыце, добрую змену гадуем.
Мы знаем: рабіць яшчэ трэба нам многа,
Ды кожнаму ясная наша дарога —
Ідуць па ёй, слаўнай, найлепшай у свеце
I наша юнацтва і нашыя дзеці,
Ідуць і будуюць натхнёна і смела...
Вы бачыце, як Беларусь расквітнела!
А поспехі гэтыя ў нашым народзе,
А ўсё гэта ў дружбе, у братняе згодзе!
Адным было б цяжка, не мелі б мы змогі,
Дык пойдзем, сябры, мы на пляц Перамогі,
Адзінай, з’яднанаю мы грамадою,
Туды, дзе ўзвышаецца помнік героям —
I шапкі з глыбокай павагаю здымем —
Героі жыццё аддалі за Радзіму,
I скажам героям: — Сябры дарагія,
Мы помнім навалы часіны цяжкія,
I ў памяці нашае Вам не памерці,
Мы споўнілі Вашы наказы ад сэрца —
Мы свята хаваем здабытую волю,
I вораг сюды ўжо не ступіць ніколі!
Сям’і ж нашай дружнай у радаснай працы
Расці, красавацца,
Расці, красавацца.