Згадаў я сягоння
Дунай і Мараву,
Як быццам нядаўна
Ад сцен Браціславы.
Славацкія рэкі,
Карпацкія горы,
Здаецца, вас бачыў
Я толькі учора.
Я рады. Хоць раз
Мне пабыць давялося
На Татрах,
Дзе жыў легендарны Яносік.
Я рады, што ўбачыў
I ўнукаў героя —
Пабыў, пахадзіў
Над Аравай-ракою.
Дзе моцнай плацінай
Раку сунімалі,
Дзе аж да нябёс
Узнімаліся хвалі.
А сёння прыносяць
Газеты навіны —
Працуюць ужо
На Араве турбіны.
Славацкая рэчка —
Арава!.. Арава!..
Я шчыра
Тваёй захапляюся славай, —
Што хваля жар-птушкаю
Ўдаль паляцела
I ў кожнай хаціне
На покуці села!