На жаль, іх хапае сягоння,
Такіх, што ў крыўлянні двухлікім
Крычаць аб жалезнай заслоне,
Збіваюць людзей з панталыку.
Хачу я тым людзям параіць:
Не верце, вам хлусяць багата,
На розум абруч узганяюць,
На вочы навешваюць краты.
Жывём мы адкрыта і проста
I ўзводзім будовы якія!
Падумайце толькі, навошта,
Навошта заслоны нам тыя?
Растуць пад кватэры палацы,
Успыхваюць станцый зарніцы,
Калі пажадаеце ўбачыць, —
Ну што ж, — прыязджайце, глядзіце.
Вы ўбачыце: сонечным ранкам
Выходзяць на працу калоны,
Не трэба нам сейфаў у банках
Трымаць пад жалезнай заслонай.
Прызнацца ў адным мо належыць
I выдаць вам тайную справу —
Заслона ў нас ёсць не з жалеза,
А з болей надзейнага сплаву.
I тую заслону ніколі,
Ніколі яшчэ не зламалі —
Яна са сталёвае волі
I значна мацнейшая сталі!