Раiм наведаць


Каб дадаць спасылку
на Ваш сайт, пiшыце ў
зваротную сувязь

Лічыльнікі

Як нас знаходзяць

-

Зялёны клён лістотай гушкаў...

Сярэдняя: 5 (1 голас)

Зялёны клён лістотай гушкаў,
Ды час прызначаны прыйшоў, —
Спачатку ўспыхнула макушка
Асеннім золатам лістоў,

А потым скрозь запалымнеўся,
Нібы праменнем абняло,
Увесь заняўся, разгарэўся,
Мяне як жарам абдало.

А клён, здавалася, прыгадваў,
Як ён вясной і ўлетку рос,
Аж покуль вецер лістапада
Яго без жалю не абтрос.

I старасць нас усіх трывожыць,
Бо час няўмольны, час ідзе, —
Спачатку першая пароша
Табе на скроні ападзе,

Пасля, глядзіш, і зашарышся,
А там, чым болей ты жывеш, —
Так пабялееш, засвіцішся,
Як быццам снегам зарасцеш.

I ты, што срэбрам пазатканы,
Успамінаеш аб вясне,
Аж покуль час неўтаймаваны
Цябе да долу не прыгне.

З табою, клён, я разважаю,
З тваёй агністай галавой, —
Хіба не роўна расцвітаем
I разлучаемся з красой?